СВЕТЛАВЫ́Я ЭТАЛО́НЫ,

меры для ўзнаўлення, захоўвання і перадачы адзінак светлавых велічынь (сілы святла, асветленасці, яркасці, светлавога патоку і інш.). Забяспечваюць адзінства светлавых вымярэнняў з найвышэйшай дасягальнай дакладнасцю. Бываюць першасныя і другасныя.

Першасны С.э. адзінкі сілы святла (кандэлы) ажыццёўлены ў 1948 у выглядзе т.зв. поўнага выпрамяняльніка, які мае ўласцівасці абсалютна чорнага цела; яго яркасць 6∙10​5 кд/м². У 1979 прынята новае вызначэнне кандэлы, якое ўстанаўлівала яе сувязь з адзінкай магутнасці (ватам) монахраматычнага выпрамянення. Другасныя С.э. для адзінак сілы святла, асветленасці, светлавога патоку ўяўляюць сабой групы святловымяральных лямпаў напальвання рознай будовы і колеравай т-ры. Раней С.э. былі: полымя свечкі або лямпы з зададзенымі характарыстыкамі (памерам полымя, відам паліва, скорасцю згарання і інш).

П.​С.​Габец.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)